Пра дэдлайн 9 жніўня 2026 году
— Я выступаю за тое, каб мы яшчэ паспрабавалі. Я, прынамсі, яшчэ не спрабаваў... Я хачу паспрабаваць дэмакратычным шляхам усё ж такі дасягнуць пэўнага выніку. Я хачу, каб мы як мага хутчэй вярнуліся дадому. Я хачу, каб усе палітвязьні выйшлі на волю. Я, адрозна ад нашых палітыкаў, дыпляматаў, нашых дэмакратычных сіл, не зьвязаны з аніякімі фондамі, ня маю ніякіх абавязкаў. Я свабодны чалавек, я цаню сваю свабоду. І я магу сьмела сказаць, што гатовы паставіць дэдлайн. Я ўжо недзе казаў, што, няхай гэта будзе наступнае 9 жніўня, калі я скажу: так, дэмакратычным шляхам, але калі ў нас не атрымліваецца — трэба шукаць іншыя рашэньні. Калі мы будзем заклікаць браць у рукі зброю ці ісьці на іншыя радыкальныя меры — нашы партнэры ад нас адвярнуцца, і мы застанемся зусім адны. У нас і так няма ўзаемаразуменьня. Людзі павінны ведаць, што гвалт — гэта крайняя мера, і не факт, што яна да чагосьці прывядзе.
Пра новыя праекты і ідэі
— У мяне ёсьць некаторыя ідэі. Цяпер я таксама зьбіраюся запускаць свае праекты, ініцыятывы. Калі экспэртная ацэнка, у тым ліку міжнародных экспэртаў, будзе станоўчай — мае хлопцы з каманды кажуць, што ідэі клясныя, — я таксама так лічу і веру ў іх. Пасьля ацэнкі экспэртаў, калі ўсё пойдзе і дадуць зялёнае сьвятло, вы ў бліжэйшы час гэта ўбачыце. Я іх агалошу. Я буду прасіць беларусаў удзельнічаць у гэтых праектах. Калі нейкія з іх не атрымаюць станоўчай ацэнкі, мы іх пакуль адкладзём. Але ідэй, шчыра, шмат. Раней я займаўся крэатывам, і ў мяне ідэі ўзьнікаюць ледзь не штодня. Незразумела нават, як такую колькасьць рэалізаваць.
Пра каманду і працу толькі зь беларусамі за мяжой
— Пададзена каля 500 заявак. Мы нават не пасьпяваем усім адказаць. Асабліва калі кожны аддае перавагу свайму спосабу сувязі. Хтосьці ў Беларусі, а зь імі, мне сказалі, небясьпечна кантактаваць. Я скарыстаюся тым, што вы цяпер са мной размаўляеце, каб зьвярнуцца да аўдыторыі: каля 100 чалавек у Беларусі даслалі свае кантакты — мы не можам адказаць з прычыны мер бясьпекі. Мы за вас баімся. Ужо вядомыя выпадкі, калі ГУБАЗіК і іншыя структуры Беларусі стваралі фальшывыя пляцоўкі, чат-боты. Я ніякіх чат-ботаў ніколі не ствараў. І там людзей уводзяць у зман, даюць нейкія заданьні, людзі кудысьці едуць, нешта робяць, а потым іх арыштоўваюць... Мы працуем толькі з беларусамі за мяжой.
Пра тое, ці лічыць сябе палітыкам
— Я раней сябе ніколі палітыкам не лічыў. Пакуль я сядзеў у турме, мяне ўжо ўсе называлі палітыкам, бо мае дзеяньні прывялі да пэўных палітычных вынікаў і высокай пазнавальнасьці. І цяпер, як бы я ні хацеў, будучы мужам сваёй любай Сьвятланы Георгіеўны Ціханоўскай, усё, што я раблю, адразу ўспрымаецца як палітыка. Я нешта скажу — і гэта адразу выклікае хвалі эмоцый, трапляе ў інфармацыйнае поле, на першыя палосы. Таму, як бы я ні хацеў, я — палітык. Лідэр пратэстаў 2020 года — і гэта ўжо не адняць. І так як мае праекты далей будуць зьвязаныя з сацсеткамі, стрымамі, рэпартажамі, блогерам я таксама застануся. Таму — першы джэнтэльмэн Беларусі, палітык, блогер... ну і, мабыць, прадпрымальнікам таксама застануся, бо гэта ўжо ў душы.
Пра паездку ў ЗША
— Я зараз зьбіраюся ў Злучаныя Штаты Амэрыкі. Я не адзін, са мной мая каманда. З таго боку і Пракап’еў прапанаваў сваю дапамогу, і прадстаўнікі дыяспары, і розныя актывісты, і нават амэрыканскія дыпляматы прапанавалі дапамогу. Я разьлічваю дасягнуць адной галоўнай мэты — вызваліць максымальна магчымую колькасьць палітвязьняў. Больш за 1000 чалавек — гэта мая мэта № 1. Я са сваімі прапановамі хачу зьвярнуцца да амэрыканскіх палітыкаў, да адміністрацыі Дональда Трампа і спадзяюся, што хаця б некаторыя мае ідэі прымуць або хаця б разгледзяць. Я ўпэўнены, што тое, што я прапаную, будзе вельмі выгадна адміністрацыі Трампа, і думаю, што яны пагодзяцца. — У мяне тры асноўныя кірункі: сустрэчы з дыяспарай, інтэрв’ю амэрыканскім СМІ і сустрэчы з дыпляматамі і палітыкамі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яшчэ не перамаглі, але і не прайгралі». Як прайшоў першы дзень канфэрэнцыі «Новая Беларусь»