Фанаты Каржа зьбіраюцца каля стадыёну ў Варшаве, у іх пачалі забіраць бела-чырвона-белыя і ўкраінскія сьцягі.
На канцэрце Макса Каржа ў Варшаве адбываюцца затрыманьні фанатаў, якія пераскокваюць з трыбунаў на танцавальную пляцоўку. Арганізатары заяўляюць, што канцэрт можа быць прыпынены праз парушэньні парадку, паведамляе тэлеграм-канал Варшава-новости.
Абнаўляецца
Пасьля канцэрту заплянаваная вялікая вечарынка ў Laplaya Club а 22:00.
Макс Корж — 36-гадовы сьпявак з Лунінца. Яшчэ ў 17-гадовым узросьце разам зь сябрамі стварыў беларускамоўны праект Lunclan. Пасьля гэтага ў Каржа было яшчэ некалькі музычных праектаў, якія не прыносілі вялікага посьпеху. Прарыўным для музыкі стаў 2012 год, калі зьявілася кампазыцыя «Небо поможет нам», яна адразу выйшла на першыя пазыцыі ў музычных чартах Расеі. Так музыка займеў вялікую папулярнасьць у Расеі.
З часам Макс Корж у многіх сваіх кліпах пачаў пакідаць нешта беларускае: у «Матыльку» ён грае на піяніна «Беларусь», у «Кантрольным» зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг, у «Слове пацана» сьпявак размаўляе зь сябрамі па-беларуску, у «Малый повзрослел» нібыта выпадкова ў кадар трапляе падручнік беларускай мовы, у «Шантажы» зьяўляецца чалавек у байцы «Край дужых» і інш.
У 2020 годзе Макс Корж падтрымаў пратэсты ў Беларусі. 15 жніўня 2020 году яго бачылі ля Акрэсьціна. Потым ён прыехаў на Пушкінскую, дзе адбывалася разьвітаньне з загінулым падчас пратэстаў Аляксандрам Тарайкоўскім. У кліпе «Яе віной», які выйшаў у лістападзе 2020 году, Корж адлюстраваў тагачасны Менск з спэцтэхнікай, АМАПам, мноствам бел-чырвона-белых сьцягоў, якія людзі вывешвалі з бальконаў сваіх кватэр.
24 лютага 2022 году Корж асудзіў вайну Расеі супраць Украіны. У 2022 годзе, пасьля пачатку вайны, ён выпусьціў антываенную песьню «Свой дом», а ў другую гадавіну вайны выйшла ягоная антываенная песьня «Холодное утро».
Апошнія гады Макс Корж не выступаў у Беларусі, бо яго ўнесьлі ў так званы неафіцыйны «чорны сьпіс» музыкаў. Праз сваю антываенную пазыцыю сьпявак таксама трапіў у расейскі «чорны сьпіс» артыстаў і ня можа выступаць у Расеі.
Форум