Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амніставаныя вайной расейскія злачынцы працягваюць забіваць і па вяртаньні з фронту


Хата, дзе забілі Нэлі Афанасьеву
Хата, дзе забілі Нэлі Афанасьеву

Двое жыхароў Стаўрапольскага краю, раней судзімыя за цяжкія злачынствы і амніставаныя за ўдзел у вайне супраць Украіны, учынілі новае злачынства.

Яны катавалі 22-гадовага Вадзіма Вашчанку да сьмерці, а потым, каб унікнуць пакараньня, падалі заявы пра вяртаньне на фронт, піша праект Oknopress.

Сьледзтва кваліфікавала іх дзеяньні не як забойства, а як «Наўмыснае прычыненьне цяжкай шкоды здароўю, што прывяло па неасьцярожнасьці да сьмерці пацярпелага».

У Тамбоўскай вобласьці вайсковец вярнуўся дадому ў адпачынак і забіў знаёмую, а яе маленькай дачцэ зламаў сківіцу.

Суседзі забітай упэўненыя, што ён вернецца назад на вайну без суду і пакараньня.

«Шэсьць разоў кіпяцілі чайнік і палівалі сына»

Натальля Вашчанка зьвяртаецца на відэа да кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна
Натальля Вашчанка зьвяртаецца на відэа да кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна

Натальля Вашчанка, маці 22-гадовага Вадзіма Вашчанкі з стаўрапольскага гораду Лермантаў, запісала відэазварот да кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі Аляксандра Бастрыкіна з просьбай узяць пад асабісты кантроль справу аб зьверскім забойстве яе сына.

На той час двое ўжо судзімых жыхароў краю — 35-гадовы Сяргей Паляжайлаў і 36-гадовы Ігар Карданаў — прызналіся ў тым, што ў лютым 2025 году да сьмерці зьбілі і закатавалі Вадзіма Вашчанку. За шматгадзінныя катаваньні, якія прывялі да сьмерці, Сьледчы камітэт інкрымінаваў ім артыкул 111 КК, «Наўмыснае прычыненьне цяжкай шкоды здароўю». Злачынцам пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. У той час як за забойства пагражала б да 20 гадоў.

Сьледчыя ўсур’ёз разглядалі заявы Паляжайлава і Карданава аб вяртаньні на вайну без суду.

— Забойцы былі пад наркотыкамі, адзін адразу прызнаўся, прыплятаючы зьнікненьне нейкага тэлефона. Нібыта (нават калі гэта было) гэта можа апраўдаць тое, што яны да сьмерці закатавалі Вадзіма ў сябе ў кватэры. Яны засунулі яму кляп, каб сын не крычаў. Білі зэдлікам, швабрай, рэзалі нажом і душылі вяроўкай, а потым выкінулі цела да сьмецьцявых бакаў, — Натальлі цяжка ў чарговы раз узгадваць дэталі забойства, да размовы яна рыхтавала сябе некалькі дзён. — Кожны раз на некалькі дзён гэта выбівае мяне з каляіны, а мне ж працаваць трэба. Гэта ж як можна інкрымінаваць ім артыкул «аб прычыненьні цяжкай шкоды здароўю, што пацягнула сьмерць па неасьцярожнасьці», калі яны шэсьць разоў бегалі кіпяціць чайнік, каб паліваць ім маё дзіця?! Гэта хіба не прадумана? Неасьцярожнасьць?

З вынікамі мэдычнай экспэртызы Натальля катэгарычна не згодна. У дакумэнце гаворыцца, што зьбіты нібыта быў здольны сысьці падчас катаваньняў.

— Паводле высновы мэдэкспэрта, пры нанясеньні такіх траўмаў чалавек нібыта яшчэ мог рухацца на працягу 6 гадзін. Прычым актыўна. Гэта як увогуле магчыма? — абураецца Вашчанка. — Сьледчыя спрабуюць пераканаць усіх, што раз сьмерць не наступіла адразу — значыць, гэта не забойства ў чыстым выглядзе.

Цела Вадзіма, знойдзенае праз два дні пасьля зьнікненьня, 17 лютага, было так зьнявечана, што яго апазналі толькі па татуіроўцы. Згодна з судова-мэдычным дыягназам, у Вадзіма была закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу цяжкай ступені, субдуральная гематома, субарахнаідальнае кровазьліцьцё, а таксама кровападцёкі на галаве, целе, нагах і руках, апёкі на галаве і па ўсім целе.

— На целе знайшлі і колата-рэзаную рану правага сьцягна. Сьмерць наступіла ад ацёку галаўнога мозгу, траўматычнага шоку, — пералічвае маці.

Паводле вэрсіі сьледзтва, 15 лютага трое чалавек, сярод якіх быў Вадзім, выпівалі ў пакоі інтэрната. Ён знаходзіўся там з 16 да 23 гадзін.

Падазраваныя, затрыманыя неўзабаве, заявілі, што хацелі вярнуць тэлефон, які Вадзім нібыта скраў падчас застольля, таму сталі біць і катаваць яго. Абодва пацьвердзілі, што пад дзеяньнем «соляў» зьбілі Вашчанку, зацягнулі яго ў ванну, палівалі кіпенем. Іх словы пра крадзеж тэлефона не пацьвердзіліся, затое тэлефон Вадзіма, па словах яго маці, прапаў.

Вядома, што падазраваныя раней атрымалі амністыю за цяжкія злачынствы, не адседзеўшы ўвесь тэрмін. Іх вызвалілі з-за таго, што яны пагадзіліся ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.

Натальля Вашчанка з сынам Вадзімам
Натальля Вашчанка з сынам Вадзімам

— Карданаў свой папярэдні тэрмін за забойства «двух і больш асобаў», як я зразумела, нават напалову не адседзеў. Сышоў на «СВА», і ўсё даравалі! Цяпер яны яшчэ ў СІЗА. Я ўпэўненая, што арышт ім пакуль падаўжаюць толькі праз маё відэа.

Пасьля публікацыі Бастрыкін даручыў кіраўніцтву СК па Стаўрапольскім краі дакласьці пра хаду і вынікі расьсьледаваньня. Артыкул зьмянілі, але ж мэдэкспэртызу — галоўны дакумэнт у справе — пакінулі ранейшай.

Я баюся, што справу ў выніку спусьцяць на тармазах, як толькі рэзананс суцішыцца. Гэтыя двое вырадкаў ужо напісалі заявы, каб іх вярнулі на «СВА».

А майго хлопчыка ўжо не вярнуць. Вадзім быў такі спакойны, мухі не пакрыўдзіць. Ён адвучыўся на кухара, але працаваў у аўтасэрвісе са старэйшым братам. Звычайны хлопец, у 22 гады яшчэ толькі пачынаў сябе шукаць.

«Забіў маці, дзяўчынцы раструшчыў твар»

Напачатку ліпеня ў маленькім тамбоўскім сяле Пакрова-Марфіна вайсковец у адпачынку забіў знаёмую, 40-гадовую Нэлю Афанасьеву, і да пераломаў пабіў яе маленькую дачку. Мясцовы Сьледчы камітэт ні ў адным з сваіх прэс-рэлізаў не згадаў пра тое, што падазраваны вярнуўся з вайны.

37-гадовы кантрактнік Уладзімер у адпачынку зарэзаў 40-гадовую Нэлю Афанасьеву на вачах у яе 9-гадовай дачкі
37-гадовы кантрактнік Уладзімер у адпачынку зарэзаў 40-гадовую Нэлю Афанасьеву на вачах у яе 9-гадовай дачкі

— Жах, вядома. Гэты Ўладзімер ударыў 9-гадовую дзяўчынку нагой па твары проста на ганку, сківіца зламаная ў дзіцяці ў двух месцах! Гэта яна за маму ўступілася. Потым ён Нэлю на кухню выштурхнуў, а дзяўчынка так і засталася ляжаць каля ўваходу. Зачыніў дзьверы і там жа, на кухні, кухонным нажом Нэлю зарэзаў, — апавядае жыхар сяла Аляксандар. — П’яны ўшчэнт быў. Кажуць, руку на яе ўвесь час падымаў. Забойцу схапілі адразу пасьля злачынства і неадкладна ўзялі пад варту.

Паводле суседа, забойцу ўсе мясцовыя добра ведаюць.

— Ён з суседняй вёскі Цюменеўка. Прыехаў з «СВА». Ужо просіцца на волю. Пара тыдняў — і гэты нелюдзь вернецца назад на вайну забіваць, — апавёў ён.

У мясцовай газэце і ў прэс-службе Сьледчага камітэту пра забойства пісалі, хаваючы той факт, што забойца — «удзельнік СВА».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG