Амэрыканскі астранаўт Джым Ловэл, камандзір легендарнай місіі Apollo-13, памёр на 98-м годзе жыцьця, паведаміла NASA.
Экспэдыцыя да Месяца ў красавіку 1970 году была перапыненая пасьля выбуху кіслароднага баку, аднак дзякуючы зладжаным дзеяньням экіпажа і спэцыялістаў Цэнтру кіраваньня палётамі пашкоджаны карабель удалося пасьпяхова вярнуць на Зямлю.
Разам з калегамі Джэкам Сўайгертам (памёр у 1982 годзе) і Фрэдам Гайзам (памёр у 2022-м) Ловэл правёў трое з паловай содняў у цесных, прамерзлых адсеках касьмічнага карабля, адчуваючы недахоп вады і ежы. Астранаўтам давялося хутка і творча прымаць рашэньні, каб даць рады лішняму вуглякісламу газу і зэканоміць энэргію на зваротную дарогу. Іх вяртаньне 17 красавіка 1970 году сталася падзеяй сусьветнага маштабу.
Гэтая «пасьпяховая няўдача» пазьней лягла ў аснову галівудзкага фільму Apollo-13.
Ролю Ловэла ў ім выканаў знаны актор Том Гэнкс. У пятніцу ён напісаў у памяць пра астранаўта:
«Ёсьць людзі, якія адважваюцца, мараць і вядуць іншых туды, куды мы самі б не пайшлі. Ловэл быў менавіта такім чалавекам. Яго палёты былі ня дзеля багацьця ці славы, а таму, што такія выпрабаваньні жывяць сам сэнс жыцьця».
Ловэл чатыры разы быў у космасе, у тым ліку падчас місіі Apollo-8 — першым у гісторыі аблёце Месяца касьмічным караблём з экіпажам.
Кар’еру астранаўта ён завяршыў у 1973 годзе.
Форум