Аляксандар Мілінкевіч: «Я не лічу 20-ы год паразаю»
— Пяць гадоў адзначаецца ад няўдалага, як некаторыя кажуць, паўстаньня. На вашу думку, што павінна зрабіць грамадзянская супольнасьць і палітыкі, каб усё ж такі гэтыя перамены нарэшце сталі рэчаіснасьцю?
— Я не лічу 20-ы год паразаю. Мы не перамаглі палітычна, але ёсьць іншыя перамогі. Адрадзілася нацыя. Што можа быць важней?
Што цяпер трэба рабіць? Не губляць духу. Не мачыць адзін аднаго. Быць прыязным, умець ствараць кааліцыі, бо ў адзінстве наша сіла. І рабіць малыя крокі. Гэта, можа, многім надакучыла, але ў палякаў, чый досьвед нам вельмі важны і тыповы для нас, ёсьць песьня сатырыка Лунарскага: «Робім мы сваё». Кожны сваё, колькі можа: можа — празь дзень, можа — раз на месяц, а можа — і больш. Таму не скісаць, а верыць у тое, што дабро заўсёды пераможа.
Час складаны, бо сьвет моцна мяняецца. Дэмакратыі і лібэралы прайграюць дыктатурам, можа, часова, а можа — і не. І ў гэтым сьвеце мы мусім сябе знайсьці.
— На вашу думку, дзе будуць празь пяць чарговых гадоў Беларусь і беларусы?
— Я прымушаю сябе быць аптымістам і заўсёды знаходжу прычыны, нават гістарычныя. Вось тут кажуць: «20-ы год», а я і пра Каліноўскага думаю, і пра паўстанцаў думаю. Што, яны так моцна верылі ў перамогу над Расеяй? Але гэта была справа гонару, годнасьці і веры. Калясальная вера, што рана ці позна будзе гэтая свабода, будзе незалежнасьць. Ну, і мы таксама можам.
Аліса Рыжычэнка: «Самае галоўнае — усім разам аб’яднацца»
— Што павінна зрабіць грамадзянская супольнасьць і беларускія палітыкі, каб наблізіць перамены ў Беларусі?
— Тут можна вылучыць шмат пунктаў, якія неабходна рабіць. Па-першае, вядома ж, гэта супрацоўніцтва зь міжнароднымі партнэрамі. Гэта аб’яднаньне. Гэта падтрымка тых ініцыятываў, якія ўжо ёсьць. Самае галоўнае — усім разам аб’яднацца, працаваць над агульнай мэтай. Не ствараць перашкоды для тых, хто дзейнічае і штосьці робіць.
Сяргей Чалы: «Трэба быць гатовым да расколу элітаў»
— Што можна рабіць больш эфэктыўна, лепш, каб дэмакратычныя сілы перамаглі аўтарытарны рэжым?
— Па-першае, ад нас тут цяпер мала што залежыць у тым, каб рэжым спыніў сваё існаваньне. Гісторыя ж разьвіваецца перарывіста. Бываюць моманты, калі ад найменшых дзеяньняў кожнага чалавека яна можа пайсьці абсалютна ў розныя кірункі. Бываюць моманты, калі бессэнсоўна біцца галавой аб сьцяну. І трэба чакаць, пакуль гэтая новая тэндэнцыя ня скончыцца.
І вось пакуль увесь гэты маразм, гэтая канчатковая дэградацыя там не адбудзецца, хутчэй за ўсё, новага вакна магчымасьцяў ня будзе.
Але галоўнае, што неабходна рабіць, — гэта быць гатовым да таго, чаго нам не хапіла ў 20-м годзе, калі адзін толькі Павал Латушка ўвасобіў найважнейшую частку посьпеху рэвалюцыі — раскол элітаў. Я не кажу пра праграмы, што рабіць потым, — гэта ўсё ўжо ёсьць, ніякага інтэлектуальнага выкліку няма. Але мусіць быць мэсэдж, скіраваны выразна і дакладна ўсім, хто там яшчэ застаўся — чаму ім у гэты момант трэба будзе станавіцца на бок паўсталага народу.
— Тут гаварылі пра тое, што саміт на Алясцы, Пуцін, Трамп, можа паўплываць. Ці можа гэта штосьці зьмяніць у Беларусі?
— Лукашэнка ж ужо ня першы год актыўна прадае сябе як адмыслоўца па Пуціну: маўляў, той вар’ят, вы ня ўмееце зь ім размаўляць, а я ўмею. Шчыра кажучы, я ня думаю, што гэты саміт нешта сур’ёзна зьменіць нават у вайне Расеі з Украінай. Проста таму, што Пуцін не зацікаўлены і не зьбіраецца гэтую вайну спыняць — ён лічыць, што ён яе выйграе́. Таму, хутчэй за ўсё, калі нават нейкі вынік і будзе, ён, імаверна, будзе нэта-нэгатыўным для Ўкраіны, а таксама аўтаматычна і для нас у тым ліку. А так больш нічога не чакаю.
Зьміцер Шчыгельскі: «Беларускія дэмакратычныя сілы павінны стаць ня проста дэмакратычнымі, а сапраўднымі сіламі»
— Што трэба, на вашу думку, зрабіць грамадзянскай супольнасьці і палітыкам, каб у наступным годзе гэтая канфэрэнцыя ня мусіла адбывацца, каб проста адбыліся перамены?
— Я думаю, што гэтая канфэрэнцыя мусіць адбывацца. Яна мусіць адбывацца ў Менску, а ня недзе за межамі Беларусі. А для гэтага беларускія дэмакратычныя сілы павінны стаць ня проста дэмакратычнымі, а сапраўднымі сіламі. Гэта тое, чаго не хапае зараз.
— Як?
— Гэта пытаньне пра мабілізацыю, пра патэнцыял — як грамадзкі, палітычны, фінансавы, так і вайсковы. Трэба спрыяць таму, каб гэтыя патэнцыялы расьлі. Напрыклад, абвясьціць мабілізацыю, працаваць па стварэньні беларускіх падразьдзяленьняў у эўрапейскіх краінах, асабліва з улікам уварваньня з Расеі.
Сьвятлана Ціханоўская: «Нашая задача — паказаць Беларусь як самастойную дзяржаву, а не апэндыкс да Расеі»
— Сьвятлана, зараз будзе саміт на Алясцы: Трамп і Пуцін. Што рэальна магла б атрымаць Беларусь?
— Тое, што адбываюцца перамовы, ня значыць, што прыйдуць да нейкага кансэнсусу. Але мы вельмі паважаем крокі прэзыдэнта ЗША па гэтым перамоўным працэсе.
Нашая задача — каб у гэтым перамоўным працэсе пра Беларусь не забылі.
Калі будзе падымацца пытаньне зьняцьця санкцыяў з Расеі — каб зь Беларусі не зьнялі гэтыя санкцыі «такім цягнічком».
Нашая задача — паказаць Беларусь як самастойную дзяржаву, а не апэндыкс да Расеі, адстойваць перш за ўсё свае правы.
Каб у гэтых перамовах Беларусь не абмінулі ўвагай і каб выціснулі з гэтага перамоўнага моманту як мага больш, хаця б у накірунку вызваленьня палітвязьняў.
Мы пастаянна каардынуемся з нашымі амэрыканскімі партнэрамі, даносім да іх нашыя мэсэджы, што нам патрэбна. І я ня бачу, каб яны хацелі рабіць нешта за нашай сьпінай.
Форум